Ніва № 27 (3503), 2 ліпеня 2023 г.
Перад вамі быў тут Міхась Хмялеўскі!Ганна КАНДРАЦЮК— Ён перад смерцю сказаў, каб мы запрасілі на абед усіх, хто прыйдзе на пахаванне. І каб не сумавалі і не плакалі, а толькі ўзнялі чарку і ўспомнілі пра яго нешта вясёлае, — сказала яшчэ перад адпяваннем дачка Міраслава. Так, гэта той Міхась Хмялеўскі — чалавек душа і легенда беларускай журналістыкі! Ён не дамагаўся паклонаў і пашаны, наадварот, з ходу зносіў дыстанцыю і ўзроставую розніцу, пры гэтым жартаваў і часам прапанаваў выпіць з маладымі журналістамі. Для мяне, як малодшай калегі па прафесіі, якая ездзіла па вёсках, меў заўсёды добрыя парады. І гэта была такая дыдактыка — Міхась гаварыў на сваім прыкладзе прыблізна такое: «Калі мяне выпраўлялі ў вёску, а то магло зацягнуцца і на тры дні, то я найперш глядзеў, каб там было дзе добра паесці. І не адмаўляўся, калі людзі частавалі, прапанавалі начлег. Бо то была такая гасціна і размова, што ўсё раскажуць. І пра бяду, і пра шчасце, і пра сакрэты, і пра тое, як хто штосьці ўкраў. Што праўда, часам то бокам выходзіла тая глыбінка. Бывала, што выйдзеш на аўтобус і ўсю дарогу ад блох адмахваешся, бо блохі знюхалі свежую кроў, пакусалі. Раней у нашых вёсках не ведалі, як пазбыцца гэтых насякомых, яны былі ўсюды, і ў драўляных хатах, і ў мураванках. Але хто там глядзеў на блох і выгоды... Да людзей і беларускай дабрыні мяне цягнула, бо гэта было маё прызванне і натхненне». Міхась Хмялеўскі шчыра любіў людзей і (...) |