Ніва № 26 (3502), 25 чэрвеня 2023 г.
Дзяржава бляшаных кубкаўУладзімір ХІЛЬМАНОВІЧ«Дзяўчына дастала з тумбачкі працоўнага стала парцалянавы кубак, насыпала туды духмянай гарбаты. Якраз характэрна запыхкаў, завіраваў электрачайнік, вада ў якім дасягнула стану кіпення, і гучна пстрыкнуў сваім выключальнікам. Калегі па вялікім рабочым кабінеце пацягнуліся да чайніка са сваімі філіжанкамі і сталі напаўняць іх варам. Дзяўчына не спяшалася, урэшце ёй таксама хапіла гатаванай вады. Тэрмакубак стаў імкліва мяняць сваё аблічча, на ім праяўлялася «Пагоня» і надпіс чырвоным па белым «Жыве Беларусь!». Дзяўчына моўчкі вярнулася на сваё месца і стала грэць пальцы на ўлюбёным кубку, нетаропка папіваючы гарбатку. Але за ёй ужо сачыла пара пільных вачэй саслужбоўца...». Не, шаноўны чытач, гэта не пачатак апавядання пра каханне ці дэтэктыўнага рамана. Гэта проста суровая проза жыцця ў сённяшняй Беларусі. Чаму суровая? Таму, што прыблізна так пачыналася рэальная гісторыя, якая скончылася арыштам той дзяўчыны з Аршанскага ільнокамбіната. Згаданы кубак набыла яна раней адкрыта ў краме і проста любіла папіць з яго кавы ці гарбаты. Але ж нехта з працоўнага калектыву, у якім ажно 15 чалавек, выявіў надзвычайную ідэалагічную пільнасць і напісаў данос у «правоохранительные органы». Прычым зрабіў гэта досыць творча, прыклаўшы патаемна зробленыя фотаздымкі крамольнага кубка. Быў складзены пратакол пра адміністрацыйнае парушэнне і справа дайшла да суда. На іхнай юрыдычнай мове гэта гучала так: «провела (...) |