Ніва № 25 (3501), 18 чэрвеня 2023 г.
Усякае зелле! (ч.7)Ганна КАНДРАЦЮК— Дзе яна зараз, чорная кніга Пісароў? — пытаю ў апошніх жыхарак вёсачкі. — Кажуць, згарэла з іхняй хаткай, — пачынае Зося, — але я ў тое не веру, не згарэла яна, не згарэла... — А што? — Бо ў гэтым родзе як гулялі, так далей гуляюць, — апошняя звестка надта сарамлівая, лепш, каб пра такое не ведалі, бо там адно п’янства і распуста. — Яны то добра гуляюць, — дадае баба Гапка, — і яшчэ спяць як лорды на доларах! Столькі там грошай прапілі, што на два палацы хапіла б! А тая Тоня, ёй жа пад дзевяноста, ніякіх лекаў не прымае, — гэтая справа здаецца надта падазронай маёй субяседніцы. — Столькі ў яе жару, а вуліцай ідзе, быццам да зямлі не датыкаючы... Тоня — дачка загінулай пад капытамі палятухі Тацяны. Яе ўсе любяць, ды асабліва ўпадабалі старыя кавалеры і валацужныя мужыкі. Пры выпіўцы яны часта заяўляюць, што калі Тоня памрэ, то яны на руках занясуць яе труп на могілкі. Як вялікую барышню і паню. — А гэта за тры кіламетры наш цвінтар будзе, — хіхікае бабка Гапка, 1929 года нараджэння, — падумаць: тры кіламетры! То тобіэ нэ дзічкі! * * * Тоня жыве праз дзве хаты ад бацькоўскага, закінутага ўжо панадворка. Яна ўдава, але назваць яе самотнай, пакінутай гэта блюзнерства. Яе хатку, на першы погляд старую і пахіленую, ведаюць далёка па за межамі парафіі. Сёння, калі стаю перад дзвярыма закрытымі на тры замкі, то-бок на архаічную засаўку, якую можна адсунуць (...) |