Ніва № 50 (3474), 11 снежня 2022 г.
Вернасць ФігароЖэня МАРТЫНЮКНад хутарам клаўся чэрвеньскі вечар. Стомленае чырвонае сонца хавалася за недалёкі лес, ад нагрэтай яго праменямі зямлі дыхаў жар, а ўсюды разносіўся свежы пах скошанай сенажаці. На панадворку Івана чуваць было рыканне кароў і квік свіней. Яго жонка Вольга, падаіўшы кароў, пайшла карміць свіней. Надыходзіла ноч. Пазбіраўшы яйкі ў куратніку, Вольга заперла курак і пайшла рыхтаваць вячэру. Тым часам Іван выцягнуў вядро вады з калодзежа і панёс у хату. За ім на кухню ўбегла шэрая кошка Зорка і пачала круціцца каля ног Вольгі, спадзеючыся, што дастане ад гаспадыні штосьці смачнае на вячэру. — А ты што? Нічога сёння сабе не злавіла? — запыталася ў звярка Вольга і, убачыўшы ласкавыя вочы кошкі, кінула ёй кавалачак мяса. — Мышэй усюды поўна, і на полі, і ў клуні, а ты ката мясам корміш? — сказаў муж і пайшоў мыцца. — Ну, не заўсёды і кату добры дзень здараецца. Няхай і ён паесць чагосьці смачнага, — адказала яму жонка. У хаце запахацела ежай. Раптам адчыніліся дзверы і ў хату ўбег іх дзесяцігадовы сын Раман. — Я ўжо думаў, што ты на дварэ начаваць будзеш! — сказаў яму бацька. — Дзе цябе ўсё носіць і носіць. Цікава, як там табе навука ідзе. Але праз тыдзень будзе ў школе бацькоўскі сход, дык глядзі: калі што не так, то скончацца табе гулі! — Дык усё ў парадку з вучобай. Я быў у дзеда Тамаша і дапамагаў яму пазбіраць яблыкі ў садзе. Ён у чацвер едзе на кірмаш у горад і хоча іх прадаць. (...) |