Ніва № 50 (3474), 11 снежня 2022 г.
Як не баяцца халадоўГанна КАНДРАЦЮКЯк не дзіўна, досвед халоднай Нарвегіі не толькі асвятліў змрочны снежаньскі час. Мова не пра славутае палярнае ззянне, якое ў гэты час асвятляе неба скандынаўскай краіны і прыцягвае тысячы турыстаў. Сучасны чалавек гатовы прыляцець з другога канца свету толькі для таго, каб сфоціцца на фоне Aurora Borealis. Сучасны нарвежскі гід, — а гэта міжнародная тусоўка, — павінен не толькі расказаць пра прыродную з’яву на англійскай мове, ён яшчэ павінен дапамагчы настроіць фотаапарат для кліентэлі. Добры здымак — мэта падарожжа многіх інфлюэнсераў, якія пруцца з другога канца свету і плацяць вялікія грошы за тое, каб пахвастацца сваімі палярнымі эскападамі на Інстаграме. Усё гэта можна закрыць у сказе: «Турыстычная прамысловасць, якая ўмее зарабіць на напышлівасці сучасных людзей». Больш за ўсё ўразіў мяне суровы лад жыцця саміх нарвежцаў. У гэтай самай багатай краіне свету ў трэндзе дзіцячыя садкі, якія прапануюць заняткі, — ці то зімой ці летам, — пад адкрытым небам. Увесь дзень пажадана лётаць ды гуляць без цацак з супермаркетаў. «Няма дрэннага надвор’я, ёсць толькі дрэнная вопратка», — кажуць у Скандынавіі. Я сама належу да таго пакалення, калі зіма явілася нам такой жа вабнай паравінай года, як лета. У студзеньскія будні зранку да вечара вясковая вуліца бурліла жыццём, дзе рэй вялі дзеці дашкольнага ўзросту. Кожная горка, каток, коўзанка былі затоўчаны да немагчымага. Тут бушавала энергія, радасны (...) |