Ніва № 48 (3472), 27 лістапада 2022 г.
Рады роднаму абрадуМарыя КУЖАЛЕЎСКАЯУ сядзібе Галоўнага праўлення Беларускага таварыства 20 лістапада можна было паглядзець старадаўнія абрады. Сабраных прывітаў старшыня ГП БГКТ Васіль Сегень. Прыгадаў гасцям пра адыход Яна Чыквіна і ўсе ўганаравалі памяць вядомага паэта хвілінай маўчання. Пасля на пару дзясяткаў хвілін сцэну заняў калектыў з Маліннік. Паказаў ён гледачам, як калісь праводзіліся асенне-зімовыя вечары ў вёсцы. Адна гаспадыня прала лён на калаўротку, іншыя вязалі кручкамі. Былі таксама гумарыстычныя моманты. Большасці сабраным гэтая тэматыка была вядомая і вартая ўспамінаў. Чарговая група — «Асенні ліст» — прыехала з Гарадка з інсцэніроўкай «Шаптуха». Гаспадынькі вельмі ўчуліся ў свае ролі і ігралі як прафесійныя акцёркі. Хаця тэматыка сур’ёзная, бо ж пра хваробы, акцёркі ўмелі дадаць столькі гумарыстычных элементаў, што глядзельны зал проста качаўся ад смеху. Гледачы выразна былі ўсхваляваны і жыва каменціравалі тое, што адбывалася на сцэне. Кожны прыгадваў розныя нямогласці і спосабы, з якімі спраўляліся з імі ў даўнейшыя часы. Хаця прамінула шмат гадоў, пытанні пра шаптух часта сустракаюцца ў сацыяльных сетках. Відаць, тэматыка вельмі актуальная. Трэці калектыў падрыхтавала Ала Каменская — гэта быў вясельны абрад. А калі вяселле — дык і музыка. Спадарыня Ала вядомая прыгожай ігрой на гармоніку, а яе гурт з вёскі Козлікі вядомы цудоўным спевам і жартамі, дык прыемна было паслухаць народных песень у іх выкананні. (...) |