Ніва № 44 (3468), 30 кастрычніка 2022 г.
Клешч у КляшчэляхАляксандр ВЯРБІЦКІЗагаловак гэты не пра галоўнае — ён пра эпізод толькі. А мова тут пойдзе пра маю вандроўку вакол менавіта Кляшчэль. Назва гэтага горада, мабыць, выводзіцца ад аднаго з заняткаў, якім, магчыма, займаліся тамашнія гарадскія рамеснікі. Рамеснікі, што займаліся вырабам конскай вупражы, у тым ліку хамутоў. Асноўным жа каркасам хамута, які ў нас быў галоўным звяном, звязваючым каня з цягнутымі ім возам ці земляробчымі прыладамі, былі менавіта драўляныя клешчы — пара драўляных дужак, што закладаліся на конскую шыю. А каб яны не ўпіваліся ў конскае цела, пад клешчы давалі набітую саломай кішку-хамуціну — загорнутую ў шкуру саламяную падкладку, а пад яе яшчэ лямец... У Кляшчэлі трапіў я, едучы лясной жвіроўкай з Вулькі-Выганоўскай. Па дарозе схіліўся я ў лесе пад растучую на абочыне яблыню за яблыкам. Той яблык ужо пачала пранізваць гніль і не давялося ім належна пачаставацца. Аднак чакаў мяне іншы сюрпрыз ад яблычнай цікавасці. У Кляшчэлях зайшоў я ў тамашнюю царкву. Калі са свечкай кіраваўся да падсвечніка, пачуў за вухам прысутнасць быццам мухі. З-за вуха выцягнуў я жывінку... Здаецца, што ў нас не прынята ўносіць у храм ніякіх дыханіяў, пра якія, мабыць, згадвае 150-ы псалом. І хіба грэшным было б там жа з ім расправіцца, хаця калісь-калісь у старажытнасці ў храмах адбывалася багатае ахвярапрынашэнне. З кляшчом, маім завушным госцем, расправіўся я на цвінтары. Ад царквы адправіўся я далей. На (...) |