Ніва № 32 (3456), 07 жніўня 2022 г.
У савецкім войскуУладзімір ХІЛЬМАНОВІЧСавецкае войска заўсёды было адначасна найперш расейскім войскам у ідэалагічным плане. Калі назіраеш за сучаснымі падзеямі ўварвання расейскай арміі ў Сірыю, Украіну, то міжволі прыгадваеш сваю службу ў савецкім войску ў час блізкі да канца існавання СССР. У той час давялося і мне аддаць два гады «сацыялісцічаскаму Ацечаству». Але служыў я не ў складзе якога-небудзь абмежаванага кантынгенту за мяжой і нават не на бяскрайніх прасторах адной шостай часткі сушы (як называлі тады Савецкі Саюз), а на самай што ні ёсць роднай беларускай зямлі. Да вываду савецкага войска з Афганістана заставалася яшчэ пару гадоў, якраз надышла гарбачоўская перабудова і ў паветры запахла нечым зусім іншым. Пасля выпуску з нашай менскай вучэбкі сувязі некаторыя траплялі якраз у згаданую Сірыю ці В’етнам. Мне з маім кепскім зрокам, аднак, далёкае замежжа не пагражала. Вайсковай рамантыкі тады было няшмат, пераважна суровая проза шыхтовай муштры і завучвання непатрэбнага. Пяць месяцаў мы зацята білі начышчанымі да бляску гуталінам ботамі асфальт вучэбнай часткі сувязі па вуліцы Маякоўскага, вывучалі азбуку Морзе і вялізную радыёстанцыю, якая складалася з мноства блокаў і займала цэлую сцяну альбо ўсё крытае кузава грузавой машыны. Толькі каб запусціць тую станцыю, трэба было націснуць і ўключыць каля 15 розных тумблераў і кнопак. Азбука Морзе давалася ўсім па-рознаму. На занятках праводзіліся кантрольныя работы па прыёме сігналу (...) |