Ніва № 15 (3439), 10 красавіка 2022 г.

Палявая груша (ды іншыя апавяданні)

Юрый БАЕНА

На Бельшчыне, на поўдзень ад Казлоў, за ракой Белай расце векавая палявая груша. Стаіць сярод ніў, навідавоку. Прыгажэйшая яна за пальму — высокая, шырокая, вольная, ветлівая, гаваркая, шчырая. Шыр палёў і неба сінь, а груша — іх каралева! Глядзіць на залатыя купалы царквы ў Падбеллі, слухае, як у кожны святочны дзень б’е яе звон. Непадалёку высіцца цёмны бор. Адзываецца ён крыніцамі, адгукаецца песнямі птушынымі. Каля бору зіхаціць у кветках лугавіна. З паўночнага боку да палявой грушы прытуліўся лес-маладняк — там бярозы ды сосны.

Груша нітуе зямлю з нябёсамі. Днём убірае ў сябе сонечнае святло, а ноччу на плячах трымае зорнае неба.

Сто гадоў або і больш заве працавіты народ у поле, у луг кліча. Як стражніца памяці, яна найлепш ведае, колькі тут бывала шумаў-гукаў. Над наваколлем песні жніўныя луналі. Потым шчодрай рукой у свежую раллю сявец сыпаў зерне. Зямля радзіла. Таксама не раз груша густою кронаю сваёй ад дажджу і бур хавала. Частавала пладамі.

Вясной чуваць тут несціханы пульс зямлі. Усё квітнее, устае маладая рунь. У світальнай песні вясны ў кроне дрэва шчабечуць птушкі. Груша стаіць у водблісках заранак, цэлая ў квецені, як маладуха або як карабель белы. Пяе над краем свае гімны.

Летам палкае сонца купаецца ў пшаніцы і жыце. У пару навальніц, бліскавіц і грому калышацца, да зямлі гнецца мора каласоў. Вясёлка каляровай дугой ахінае неба. У спелым збожжы сінеюць (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF