Ніва № 02 (3426), 9 cтудзеня 2022 г.

Мясцовы прадукт Падляшша. Прысмакі прыроды з Васількава

Іх абое злучыла захапленне пчоламі. Абедзве іх сем’і не адно пакаленне займаюцца пчалярствам, а Альжбета і Андрэй Сэмэнюкі з Васількава з хобі зрабілі спосаб на жыццё.

— Крыху прыхіліў мяне да гэтага тата, — кажа Андрэй Сэмэнюк. — Справа ў тым, што пчолы на гаспадарцы былі ад заўжды, колькі памятаю. Я трэцяе пакаленне, якое даглядае іх. Але менавіта тата адвёз мяне ў пчалярскі тэхнікум пад Люблінам, у Пшчэлюю Волю. Тады гэта была вельмі нішавая школа з інтэрнатам. І тады я вырашыў працягнуць гэты шлях сам, на факультэце жывёлазнаўства ў Ольштыне, бо там была пчалярская кафедра.

У альштынскай вучэльні Андрэй Сэмэнюк, які родам з вармінскіх Бартошыц, сустрэў Альжбету з Васількава на Падляшшы, таксама ўлюбёную ў прыроду і пчол.

— І сёння, дзякуючы пчолам і з пчол мы жывём. У нас вялікая пасека, з якой мы атрымліваем мёд, а таксама пчаліны хлеб (пежгу), воск, пропаліс, пчаліны пылок, — пералічвае Альжбета Сэмэнюк. — Пчолы нас не нудзяць, хоць фізічна гэта цяжкая праца.

Вяртанне на сялянскую грэчку

У 2021 годзе сям’і Сэмэнюкоў удалося атрымаць рапсавы, ліпавы, грачаны, чарнічны (з чарніцы амерыканскай), шматкветкавы мёд, а таксама ў невялікіх колькасцях мёд з маліны і фацэліі. Але халодны май не дазваляў атрымаць мёд з дзьмухаўцоў, а калі зацвіла залаціста, яны ўжо рыхтавалі свае пчаліныя сем’і да зімы.

— Тым не менш, гэта быў вельмі добры сезон, — заключаюць (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF