Ніва № 29 (3401), 18 ліпеня 2021 г.

Пахваліліся роднай старонкай (ч.2)

Ганна КАНДРАЦЮК

Тое, што Супрасль займела статус курорта, вялікі прэстыж і яшчэ большы выклік. Бо самой прыродай і лячэбнымі працэдурамі далёка не пацягнеш. Пацыент, якія папраўляецца, і турыст патрабуюць яшчэ культурных уражанняў і якаснай кулінарыі. Мы таксама цягнулі ў бок рынку, каб у прыгожым куточку з’есці смачны абед. Але як кажуць, дастаткова адной лыжкі дзёгцю, каб сапсаваць бочку мёду. Ад прылаўкаў, дзе расставіліся гандляры з усякага роду прысмакамі і драбязой, нюх заатакаваў смурод перасмажанага алею. І ўсё! Хапіла. Усё ранейшае захапленне пайшло з ветрам.

— Лепш каб тут пахла пушчанскай самагонкай!

У турыстычных месцах, — а Супрасль мае такую амбіцыю, — добры пах гэта аснова і марка. Нюх як ніякія пачуцці, адразу вядзе на спакушэнні. І разам з вобразамі стварае імідж месца, фіксуе дэталі, раскрывае прыхаванае і прыбранае. Папраўдзе, мясціна ўжо займела выключнасць на рэгіянальныя прысмакі. Вось беластачане, каб з’есці самую смачную бульбяную бабку, без аглядкі шыбуюць у Супрасль. Мы таксама скіравалі крокі ў бар Jarzębinka, дзе апрача бабкі прапануюць не менш смачныя цэпеліны-«картачы». Ля бара, вакол якога лунаў духмяны пах печанай бульбы і свежых соўсаў, выстойвала ўжо доўгая чарга.

— Трэба чакаць, — сказаў афіцыянт, які целам перакрыў уваход у сярэдзіну бара.

— А колькі часу прыйдзецца стаяць у чарзе?

— Можа гадзіну, можа паўтары!

Тым часам на небе збіраліся градавыя хмары, таму мы зноў павярнулі ў бок рынку. У гэты раз мы ішлі за словамі аўтара кніжкі Z Matką Boską na rowerze. Podróż do cudownych obrazów, ikon i świętych źródeł Podlasia.

* * *

Рэстаран «Займа», хоць распаложаны пры рынку, на першы погляд, непрыкметны. Але калі перасячэш парог, адразу хочаш астацца і сесці за стол. За гэтым прамаўляе не толькі дызайн з фларыстычнымі матывамі, але і ветлівая, засяроджаная на госціку, абслуга. Сама ўласніца час ад часу пакідала кухню, каб сакрэтна праверыць задаволенасць кліентаў і выслухаць іх уражанні. А яны, — тут маю на думцы і нашу тройцу, — проста шалелі над талеркамі. Бо тут усе стравы падаюць у кветках і зёлках. Мы заказалі халадзец на базе марынаваных буракоў з лісткамі і кветкамі настуркі, бульбяныя торцікі, ператканы соўсам са свежых лісічак з кветкамі ружы і бягоніі наверсе. Да гэтага салацік — пасынкі і кветкі гарошку, які прыдаваў ўсёй кампазіцыі непаўторны смак і эстэтыку (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF