Ніва № 22 (3394), 30 мая 2021 г.

Крыжы на Грабарцы

Віктар САЗОНАЎ

Не ведаю як так сталася, але чамусьці ажно да гэтага году я на Святую Гару Грабарку ні разу не патрапіў. І збіраўся туды не аднойчы, і планаваў, і неяк усё не атрымлівалася. А зараз выйшла ўсё само па сабе. Падышоў Коля і прапанаваў падвезці. І вось ужо сядзім ва ўтульнай машыне і пад промнямі ласкавага ранішняга сонейка няспешна едзем у бок гэтай Святой Мясціны.

З сабой толькі думкі пра жыццё і непазнанае ў ім, ну і яшчэ некалькі пустых бутэлек, каб прывезці грабарскай Святой Вады для сябе і Яўгена.

Вясна ўжо нарэшце адваявала сваё права на панаванне, і ўся дарога, і наваколле, лясы, вёскі, усё што ахоплівае позірк, усё топіцца ў зеляніне. Як бы доўга не затрымлівалася цяпло, а ўсё адно мусіць прыйсці і абудзіць прыроду, як яму і належыць па старадаўніх і трывалых законах сусвету. Праз некалькі месяцаў па гэтых жа законах цяпло пачне здаваць свае пазіцыі восеньскім вятрам, а затым і зімовым завеям, каб тыя ў сваю чаргу перадалі чарговы раз уладу вясновым сонечным промням. І так з году ў год, ва ўсе часы, бо такім ёсць кругаварот жыцця. І такімі ёсць думкі па дарозе на Гару Крыжоў.

Хацелася пра вечнае сканцэнтраваць свае думкі і напярэдадні, а не толькі ў дзень паездкі. Але ці то мітусня жыцця, ці недастатковая колькасць глыбокіх і пастаянных духоўных практык, якія заўсёды спадарожнічалі ў жыцці нашых продкаў, ці якія іншыя фактары, але штосьці не дазволіла дасягнуць належнай канцэнтрацыі ў (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF