Ніва № 16 (3388), 18 красавіка 2021 г.

Чалавечыя хваробы (ч. 36)

Мікалай ПАНФІЛЮК

Варта яшчэ вярнуцца да гісторыі Грышы Лемеша, які нечаканым лёсам апынуўся ў Францыі і да нас вярнуўся. А дома засталіся яшчэ маладая прыгожая жонка Ольга і на ўсю аколіцу найпрыгажэйшая і статная дачка Маня, сын Санік і бацькі ў асобнай беднай хаціне пасярод сяла. Жыў яшчэ і цесць Даніла, чалавек хваравіты і стары; памёр хіба ў 1950 годзе. Але Грыша не забыў пра іх, дапамагаў ім грашыма і таварам (не ведаю якімі гэта крыніцамі і дарогай). У пісьмах прасіў ён, каб дзеці трымаліся як найвышэйшай навукі і маральнасці. Маня закончыла ў Гайнаўцы прафесійную школу для краўчых-швачак і скора выйшла замуж за Аляксея Руту з Чахоў-Арлянскіх. Гэта быў прыгожы хлапец, вельмі здольны цясляр і майстра (як яго бацька Юхім), граматны ды прыгожа іграў на гармоніку. І такія кавалеры карысталіся ў дзяўчат вялікай пашанай і каханнем. У Чахах-Арлянскіх яны жылі коратка ды выбраліся ў Беласток. Там Алёша ўладкаваўся на чыгунцы і працаваў у бюро чыноўнікам. А Санік паспяхова закончыў у нас падставоўку, пасля беларускі ліцэй у Бельску-Падляшскім, а вучобу закончыў у Гданьску ва ўніверсітэце на фізічна-матэматычным факультэце са званнем магістра. У нас многа цяпер магістраў, але па матэматыцы і блізкіх прадметах няма. Ён ужо даўно на заслужанай пенсіі, жыве ў Варшаве. Жонка ў яго з Карыціск, маюць двух сыноў. Санік кожнае лета прыязджае ў родную хацінку, якая лічыцца цэнным помнікам старадаўнасці, бо той хатцы ўжо мінула 150 (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF