Ніва № 12 (3384), 21 сакавіка 2021 г.

Вясны кліч і зімовы ўспамін

Яўген ВАПА

Нягледзячы на ўсялякія прыродныя анамаліі, вясна са сваім цяплейшым дыханнем памаленьку сігналіць сваё хуткае прыбыццё і ў падляшскія прасторы і панадворкі. Дзе-нідзе яшчэ на фоне чорнай зямлі кантрастуе доўгі язык снежнай даўніны ці шэрая і збітая купа замарожанай снежнай сумесі. Не небе чародамі з’явіліся дзікія гусі. Іхні крык апавяшчае радасць веснавога прывітання з наваколлем і людзьмі. Іхнія лятучыя ключы нагадваюць лацінскую літару V — быццам тую пераможную вікторыю, што плыве па небе. Іхні прылёт гэта і перамога над зімою, над тысячамі пераадоленых кіламетраў па тое, каб тут ізноў пасяліцца і даць жыццё чарговым гусіным пакаленням. У мінулыя выходныя можна было амаль цэлы дзень задзіраць галаву ўгару, каб радавацца вестунам пачатку веснавога кругазвароту. А своеасаблівага і кранальнага іх крыку чалавечы род чакае проста з надзеяй. На ўласныя вочы пашчасціла мне пабачыць над бацькоўскім домам нават па восем гусіных ключоў, лятучых разам і перафарматоўваючыхся проста ў палёце. Нават халодны і пранізлівы вецер не загнаў мяне дадому. Проста, заставалася толькі слухаць і любавацца пабачаным. А дома яшчэ паленыя печкі і цяпло, якое навейвае ўспаміны і схіляе да безупыннага ўглядання праз акно за птушынымі прылётамі. У пэўны момант здалося мне нават, што ўбачыў над вёскай і парку буслоў, якія сваім своеасаблівым кружэннем з’явіліся ў нябеснай прасторы. Не меў я пад рукою падрыхтаванага бінокля, каб лепей (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF