Ніва № 50 (3370), 13 снежня 2020 г.
Ля вытокаў Бобры (4) Не любіць слова „партызан”Уршуля ШУБЗДАПартызанкі з над Бобры не любяць расказваць пра мінулае. Не любяць слова „партызан”. Не хочуць успамінаць пра холад, страх і небяспеку, якая ім пагражала, а пра якую ніхто не перажываў. Уладзіслава не хоча, а можа не ўмее сваёй адвагі падцягваць пад мартыралогію, бо не ведае, за якую краіну рызыкавала жыццём. А тое, у што верыла, адыдзе з яе апошнім словам. Палкай Уладзіслава можа адрэзаць палавіну кругагляду. Седзячы на лавачцы ад усходу, круціць ёй кругі, паказвае напрамкі, размалёўвае кавалкам галіны свой свет. Згэтуль ужо толькі кіламетр да Беларусі. — Тут бліжэй, дзе канчаецца луг, раней была мяжа. Пазней неяк выпраставалі і крыху яе перасунулі далей, туды, — Уладзіслава паднесла крыху вышэй палку. — Туды, дзе відаць гэты лес. Калісьці яго не было. Помню яшчэ як грабілі сена, то размаўлялі з людзьмі з другога боку. Мы махалі да іх, нешта гаварылі, але яны ўжо не адзываліся да нас. Уладзіслава нарадзілася і жыве ў Ягінтах. Хаця сёння прыгранічная вёска пусцее, яшчэ ў 1915 годзе налічвала 56 хат. Зараз вёсачкі, якія прыціснутыя да шчыльнай мяжы, выбіраюць стомленыя гараджане. Таксама ў Ягінтах будынак былой школы рамантуе новы ўласнік, пра якога Уладзіслава амаль нічога не ведае. — Не знаю адкуль ён, але нібы нейкі багаты чалавек, — нядбайна адказвае Уладзіслава і, хвіліну затрымаўшыся над вясковай сучаснасцю, ізноў вяртаецца ў свет сямейных успамінаў. — (...) |