Ніва № 28 (3296), 14 ліпеня 2019 г.
Жыровічы: аддыхацца ў святой цішыні (2)Ганна КАНДРАЦЮКЯ доўга не магла адарваць вачэй ад цёплай, дзікай карціны, якая сама па сабе абуджала пачуццё святасці і ўтульнасці. Над галоўным уваходам у Лаўру ўгняздзіліся сем’і ластавак. Яны перасякалі прастору між вуліцай і царквой ды напаўнялі паветра вібруючым гукам. Іх шчэбет застаўляў думаць пра летні дождж і гаючую расу, якіх дамагаліся расліны і зямля. Манахі паклапаціліся, каб птушкі не заляталі ў сярэдзіну храма, таму ўваход ад вуліцы забяспечаны жалезнай сеткай. Дзякуючы стабільнай заслонцы, дзверы ў Лаўру адкрываюць у жару, як сёння. Найперш, каб сагрэліся муры і праветрылася сярэдзіна. Сам уваход не такі ўжо просты, у царкву трэба дабірацца ад двара, пакручастымі ходамі і калідорамі... Я пакуль адпачывала ад трохгадзіннай язды на маршрутцы з Берасця. Шчэбет і плаўныя акрабацыі ластавак застаўлялі думаць пра сферу сакрум у беларусаў. Нашы продкі бераглі і любілі ластавак як членаў сям’і. Дазвалялі ляпіць ім гнёзды як найбліжэй жытла, у страсе хаты, на гарышчы. І бераглі як неабходны абярэг і талісман сямейнага шчасця. Таму экалагічны рыт, якія на «добры дзень» прывітаў мяне ў Жыровічах, здаваўся лепшы за залаты дэкор і ўсякія прыгожасці. Святое месца прамовіла па-людску. * * * Яшчэ да аўтарскай сустрэчы, я рашыла звязацца з паэтам Зьнічам. Спытаць, ці ведае пра прэзентацыю маёй кніжкі. Спатканне, літаральна з ходу, арганізаваў Сяргей Чыгрын. Дзень да ад’езду я (...) |