Ніва № 19 (3287), 12 мая 2019 г.
Жыццё было цяжкае але весялейшаеМіхал МІНЦЭВІЧРазмова з Ірэнай МАРТЫНОВІЧ з Орлі, у дзявоцтве Троц, народжанай у Рудутах у 1950 годзе. — Ці помніце сваіх дзядоў? — Дзедка з боку мамы — Кірыла Федарук, а бабуля Галена. Мама Марыя паходзіла з Вітава, была з большай сям’і, дзе было чацвёра дзяцей. Дзед Рыгор па бацьку меў тры жонкі. У бежанстве памерла другая жонка і прывёз трэцюю з бежанства, з Калугі — маю бабу Веру Сабацееву з двойкай ейных дзяцей па прозвішчы Кузёнка. У бежанстве, у 1918 годзе нарадзіўся мой бацька Марк; бацька згадваў, што ўжо помніў, як вярталіся з бежанства. Бабуля з дзедкам мелі трое дзяцей: Пятра, Грышку і Марка. Бабулю памятаю, бо жыла са мною ў Рудутах, размаўляла па-руску, памерла ў 1964 годзе, калі мне было чатырнаццаць. У Рудутах жылі вельмі бедна. Памятаю, што хатка была саломаю крыта, маленькія вокны. Рудуты пасля бежанства былі спалены, асталося толькі некалькі хат. У той хатцы жылі мы. Дзед рабіў драўляныя бораны на продаж. Я памятаю ўсё з чацвёртага года жыцця, напрыклад, як наш конь здыхаў у хляве — абаперся аб сцяну і не мог легчы. Памятаю, як хацела ўкрасці ў бабулі яйка з куратніка на цукеркі, але не ўдалося. Намовіў мяне прадавец, гаворачы, што мне не купляюць нават цукеркаў, і калі я прынясу два яйкі, то мне прадасць. Я зайшла ў куратнік, а акурат выйшла з хаты бабуля. То я схавалася ў куток і доўга там сядзела з курамі. Мяне цэлую аблезлі курыныя вошы. Бабуля вярнулася ў (...) |