Ніва № 13 (3281), 31 сакавіка 2019 г.
Арліцы з НавіцкавічГанна КАНДРАЦЮК— Ого! Цябе ўсюды так сустракаюць? — кажу з нехаванай зайздрасцю Дарку Фіёніку. — А гэта, тое... — усміхаецца ён у адказ, сам заварожаны карцінкай. І з любасцю ўзіраецца на спадарынь, што як вавёркі ўвіхаюцца ля стала. На добрую справу ўсё тут па старой звычцы. Пушчанскія людзі заўсёды сустракаюць гасцей ядой, асабліва тых з далёкай дарогі, тых дарагіх і чаканых. Праўда, Навіцкавічы не за гарамі і пры польскай мяжы. Мясціна распаложана на рацэ Правая Лясная, сем кіламетраў ад Камянца. А мы завіталі ў Дом культуры, што красуецца на сярэдзіне вялізнай вёскі, цэнтра сельсавета. Да пявунь з народнага калектыву Орліца. Яны партнёры і сябры Музея ў Студзіводах. — А вы кофе ці чай будзеце піць? — пытаюць нас. — Каву, калі можна. — Можна, вядома можна. Да кавы шчэ і чарачку трэба... — А я то гляджу і думаю, адкуль вы гэта ўсё даносіце? — перакідаецца слоўцам сябра. Усё адбываецца вокамгненна. Цягам некалькіх хвілін ужо ўгінаецца стол. На ім талеркі з мясам, з хатнім паштэтам, з гурбай бутэрбродаў ды кісласалодкія агурочкі са слоіка. Аднак спадарыні запрашаюць за стол з пэўным хваляваннем: — Каб ведалі раней, што прыедзеце, — кажуць быццам у апраўданне, — то лепш бы падрыхтаваліся. А так, не было калі, усё бягом, усё на ляту! Выбачайце, калі што не так... — Усё ёсць, усё як трэба, — кажам. Ну, чыстая селебрацыя народнай (...) |