Ніва № 06 (3274), 10 лютага 2019 г.

Наша памяць пра Залешаны

Ганна КАНДРАЦЮК

Кожны год, калі ў Залешаны прыязджаюць людзі, Пятро Младзяноўскі адчувае сябе як не свой. Ажываюць успаміны, боль, крыўда, бездапаможнасць...

— Я быў у гэтай хаце, — кажа, — яшчэ пяць мінут і ўсе б мы згарэлі...

29 студзеня 1946 года, калі іх вёску наехаў атрад «Бурага», панавала сонечнае надвор’е. Памятае як загналі ўсіх у хату і забілі дзверы. Сціск быў такі, не развярнуцца. Старыя і дзеці, уся вёска. Калі падпалілі хату з народам, ён выпхнуў акно і хацеў уцякаць. Але ў яго бок хтось пусціў серыю з эркаэма. Пятро адчуў агонь на сваёй шыі. Памятае, як маці скінула з галавы хустку і абкруціла яму шыю:

— Бо вжэ кроў біегла...

Калі агонь стаў займаць будынак, мужчыны кінуліся выбіваць дзверы. Ну ж трэба было ратавацца. Памятае, як лопнулі дзверы і людзі замерлі ў атрупянелым жаху.

Што ім рабіць? Уцякаць ці вярнуцца ў агонь?

Бо каля хаты быў калодзеж, за якім выстойваў адзін з нацэленым эркаэмам. Гатовы страляць, класці па чарзе старых і малых...

Пра іх жыццё вырашыў цуд. Той вартавы з нацэленым эркаэмам чамусьці засумняваўся. І выстраліў... у паветра. Людзі ў міг зразумелі. Кінуліся ўцякаць — усе пабеглі ў бок Тапаркоў. Побач гарэлі клуні, вёска. Пятро запамятаў як маці адзела валёнкі яму на ножкі і пакінула яго з братам у карчах. А сама пабегла шукаць бацьку, які, замест уцякаць з імі, вярнуўся на панадворак ратаваць маёмасць.

Пятру Младзяноўскаму было (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF