Ніва № 46 (3262), 18 лістапада 2018 г.

Было файнае жыццё

Міхал МІНЦЭВІЧ

Жыццё кожнага чалавека прамінае вельмі хутка. Мае ранейшыя суразмоўцы адышлі або адыходзяць у вечнасць, астаецца запіс іхніх успамінаў. Маімі субяседнікамі становяцца людзі са штораз малодшага пакалення, якія ўжо на парозе свайго жыцця...

Размаўляю з Федзем КАНОПЛЯМ, 1940 года нараджэння, з Крывятыч, які ўспамінае пасляваенныя гады, расказвае аб жыцці ў ПНР...

— Як Вы ўспамінаеце механізацыю?

— Помню, што яшчэ пасля Другой сусветнай вайны нарог плуга быў драўляны, але адкладня была ўжо жалезная. Кавалём у Крывятычах быў Федзя Суліма. Я да прызыву ў войска некалькі гадоў араў, але ўжо плугам жалезным. Памятаю гаспадароў, якія баранавалі драўлянымі баронамі з жалезнымі зубамі. Адзін конь ішоў спераду, а другога гаспадар вёў за аброць ззаду, бо наўкос валачылі. Пасля мой бацька Грыгорый купіў г.зв. ссыпныя бароны, „саракоўкі”, ужо на пару коней, і ўжо жалезныя.

Яшчэ да вайны група гаспадароў: мой бацька, дзедка Тадэвуш Суліма, Іван Кулік і Кавецкі заснавалі г.зв. кулка. Мелі яны свой малацільны агрэгат — шырокамалотку, мелі веялку і манеж (керат). Калі была пара малаціць, то манеж перавозілі на друках на возе. Пасля сталі людзі купляць манежы кожны сабе. Манеж прыводзіў у рух малатарню ў клуні, а манеж цягнулі коні, дзве пары. Была прывязь, што трымала коней, а ўжо дзеці іх бічом паганялі.

Дзед па бацьку быў таксама гаспадаром, меў без чвэрці ўчастак, а другі дзед меў палову ўчастка. У (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF