Ніва № 37 (3200), 10 верасня 2017 г.

«Сіняя-сіняя» ў Беластоку

Міра ЛУКША

Фестываль «Усход культуры — іншае вымярэнне» пачаўся ў Беластоку ў апошні дзень жніўня. Міжнароднае мерапрыемства падзелена на шэсць вымярэнняў — музыку, тэатр, кіно, мастацтва, грамадскасць і моду. Выступілі мастакі з Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Малдовы, Украіны і Беларусі. З Беларусі — моцны акцэнт — спектакль «Сіняя-сіняя» Магілёўскага абласнога лялечнага тэатра. Яцак Маліноўскі з Беластоцкага тэатра лялек паінфармаваў: «Гэта вельмі свежы спектакль, бо напрыканцы мінулага сезона была прэм’ера. Гэта манадрама ў рэжысуры творцы маладога пакалення Ігара Казакова. Вельмі цікавая асоба, якая спрабуе ствараць вялікі тэатр, які схіляе да больш глыбокіх роздумаў. Ужо ведаем стыль працы беларускага рэжысёра Ігара Казакова, ставіў ён у БЛТ з беластоцкімі акцёрамі «Казку пра рыбака і рыбку» — вельмі простую, мудрую і трапную гісторыю сквапнасці, зразумелую для кожнага гледача. Цяпер ён падрыхтаваў спектакль для дарослых на аснове знакамітага апавядання Уладзіміра Караткевіча — вельмі хвалюючага, кранаючага розныя струны, уздзейнічаючага на эмоцыі». Артыст не толькі распавядае ды кіруе лялькамі, але малюе на шкле пяском, ствараючы не так рэальныя карціны, колькі зменлівыя міражы і мроі. Пятрок паказвае нам тое, якой у яго памяці засталася тая Сіняя-Сіняя, з зялёнымі лугамі, вясёлкай і спяваючымі птушкамі. Зазірнуўшы на іншую старонку ўспамінаў, чуем, як маці спявае калыханку дзіцяці, быццам нашаму герою ў дзяцінстве. (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF