Ніва № 34 (3197), 20 жніўня 2017 г.

У палескай глыбінцы (94)

Ганна КАНДРАЦЮК

Калі каго скалоціць каўтун, падвее ветрам ці на душу нахлыне немач, той без аглядкі спяшае да бабы Мані на Ражок. Народная лекарка, хоць сама на леках, нікога без суцяшэння не адпусціць дамоў. Над кожным пашэпча, паблаславіць знакам крыжа і нахабным жэстам адгоніць ліха. У сваім гаротным жыцці не разлічвала на такі падарунак лёсу, каб здымаць боль і тугу з людзей і жывёлы. Доўгі час жыла як усе, гаравала. Ды такое здарылася. Дар перадала ёй чужая жанчына. Яна сама выбрала Марыю з ліку ўсіх мяшчан, ды правярала, назірала за ёй гадамі, каб ведаць ці здолее годна справіцца з нялёгкім выклікам.

Вялікая рэч перадаць дар у добрыя рукі. Бо дапамагаць другому, значыць кожны раз ахвяраваць часцінку сябе. Баба Маня пасля кожнага лекавання губляе сілы, змагаецца з ціскам, па начах мучыць яе бяссонніца. Ніколі няма спакою. Але што зробіш? Такая ўжо доля бабы, што сабой ахвяравалася. Жыць, значыць дапамагаць, служыць іншым.

Ці гэта вялікі гонар?

Гонар, вядома, вялікі. Людзі ўдзячныя за аздараўленне, часам да ног кланяюцца. Але яна не чакае паклонаў. Ніякіх грошай не бярэ. Дапамагае, каб падзякаваць Богу за доўгае жыццё. Яна найстарэйшая ў Нобелі. Перажыла палякаў, немцаў, саветаў, калгасы і тыф. Баба Маня верыць, што на даўгавечнасць паблаславіла яе папярэдніца. Тая, што яе выбрала, перадала ёй дар і лячэбныя замовы.

* * *

Да бабы Мані на Ражок завітала я з настаўніцай Галяй (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF