Ніва № 16 (3127), 17 красавіка 2016 г.

Чорным шляхам...

Віктар САЗОНАЎ

Трыццаць год таму я, малады гарадзенец, пачуў пра нейкую далёкую ад нас аварыю, якая здарылася на адной з атамных станцый СССР. Што там адбылося даведацца было цяжка. Людзі ў той час ужо не верылі ні афіцыйным версіям, ні дзяржаўнай прэсе. Больш давяралі чуткам і „Голасу Амерыкі”. А звесткі з гэтых абедзвюх крыніц не абнадзейвалі.

У першыя ж дні стала зразумелым, што адбылася вялікая трагедыя. Ужо на першамайскіх дэманстрацыях тэмы размоў удзельнікаў у святочных шэсцях былі зусім несвяточныя. Я заўважыў, што амаль палова з тых, хто падымае кілішак горкай, пачынаюць дабаўляць у шклянкі ёд. Пазней высветлілася, што правільна рабілі. Толькі тады ніхто не растлумачыў людзям, што трэба рабіць, каб было правільна.

У забруджаную зону пачалі забіраць першых ліквідатараў. Адтуль сталі прыязджаць першыя перасяленцы. Ды і ліквідатары павярталіся хутка. Доўга там быць было нельга. І прывезлі яны вельмі нядобрыя звесткі.

Хтосьці распавядаў, як вялікія маскоўскія начальнікі асабіста прыязджалі туды, каб сваім з’яўленнем абвергнуць чуткі пра радыяцыю і тым самым абдурыць людзей. Яны нават выступалі перад ліквідатарамі. Толькі вось пасля выступу куляй ляцелі да самалёта і перад пасадкай прама на аэрадроме пакідалі сваё старое адзенне і абутак з чарнобыльскім пылам, мыліся адмысловымі вадкасцямі і апраналі свежае.

Іншыя прывозілі гісторыі пра тое, як мясцовыя начальнікі ратавалі сваіх блізкіх, дурачы іншых, (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF