Ніва № 02 (3113), 10 студзеня 2016 г.

Адвентовае Ігранне

Уршула ШУБЗДА

Гэтыя гукі чуваць толькі ў адвенце. У час сухой марознай ночы нясуцца яны па ваколіцы на многія кіламетры. Ад спрадвечных часоў абвяшчаюць на Падляшшы аб надыходзе Збаўцы.

— Найлепш іграць, калі ўжо цёмна і марозная ноч, тады гук нясецца далёка, далёка ў свет, — кажа Антоні Война з Траяноўкі. Война прыйшоў да гэтай вёскі ў прымы ў 1971 годзе. — Я прыйшоў да жонкі з лігаўкай, — успамінае. — У маёй роднай вёсцы некалькі хлопцаў вельмі добра ігралі на гэтым інструменце. Найлепшы быў, помню, Базылевіч Мячыслаў. У новай ваколіцы добра іграў Мар’ян Камінскі. Ён жыў недзе пяць кіламетраў ад мяне. Здаралася, што і гадзіну між сабою мы ігралі, пераклікаліся. Раз ён, раз я.

Цяпер спадар Антоні найчасцей адвентовы дыялог вядзе з Раманам Скавырай, сваім вучнем, які жыве непадалёк.

— Гэта такі вучань, які перарос настаўніка, — смяецца спадар Антоні.

— Уменне іграць чалавек мае ў крыві, гэта такая прывычка, — кажа Раман Скавыра. — Я навучыўся іграць яшчэ ў пачатковай школе. У 1981 годзе, у час ваеннага становішча, паспрабаваў першы раз. У 1984 годзе прызвалі мяне ў войска. Там, калі прыйшоў адвент, штосьці не давала мне спакою. Лігаўкі, вядома, я не меў, але знайшоў кавалак тоўстай гумовай трубы. Помню, дзьмухнуў так моцна, што мае саслужыўцы аж перапалохаліся, думаючы, што гэта нейкі вайсковы сігнал. Пазней мая ігра так усім спадабалася, што ў адвенце перад брамай я іграў два разы ў дзень: зраніцы і ўвечар. (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF