Ніва № 36 (3095), 6 верасня 2015 г.

Успаміны пра Ларысу Геніюш

Сяргей ЧЫГРЫН

У суботу, 8 жніўня, у Зэльве каля помніка Ларысы Геніюш беларускі даследчык літаратуры і журналіст Міхась Скобла прэзентаваў кнігу „Духу магутныя чары...”, якая нядаўна выйшла ў мінскім выдавецтве „Лімарыус” у вядомай ужо серыі „Беларуская мемуарная бібліятэка”. Гэта кніга ўспамінаў пра выдатную нашу паэтку Ларысу Геніюш.

Кнігу склаў, напісаў прадмову і каментарыі да яе літаратуразнавец Міхась Скобла, які шмат робіць і зрабіў дзеля ўшанавання памяці Ларысы Геніюш. Гэта дзякуючы яму шмат новага пра таленавітую паэтку даведаліся чытачы з кніг „Лісты з Зэльвы” (2012), „Асоба і час. Ларыса Геніюш” (2010), „Каб вы ведалі” (2005), „Выбраныя творы” (2000) і іншыя.

У кнігу „Духу магутныя чары...” складальнік уключыў успаміны пра паэтку тых асоб, якія яе ведалі, сябравалі, ці хаця б раз у жыцці з ёю сустракаліся. Гэта вядомыя ў Беларусі людзі — Алесь Белакоз, Масей Сяднёў, Уладзімір Калеснік, Данута Бічэль, Алесь Траяноўскі, Зянон Пазьняк, Мікола Купава, Сяргей Панізнік, Уладзімір Арлоў, Міхась Чарняўскі, Аляксей Пяткевіч, Вольга Іпатава, Адам Мальдзіс, Аляксей Марачкін, Здзіслаў Сіцька і многія іншыя. Усе яны пакінулі ці спецыяльна для кнігі напісалі свае згадкі пра Ларысу Геніюш.

Ёсць у кнізе і ўспаміны малавядомых у творчых колах людзей, але і яны таксама мелі непасрэднае дачыненне да сяброўскіх адносін з паэткай і яе мужам Янкам Геніюшам. Пра сваю суседку Ларысу Антонаўну цікава прыгадвае (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF