Ніва № 33 (3092), 16 жніўня 2015 г.

У палескай глыбінцы (9)

Ганна КАНДРАЦЮК

На прыпынку побач кінатэатра „Маяк” не было ў каго спытаць пра дарогу ў манастыр. Я пачакала пешахода, які лёгкім крокам набліжаўся ў мой бок.

— Пайшлі! — сказаў ён.

Мы павярнулі ў пясчаную вулачку і цягам дзесяці хвілін ішлі берагам возера. Мой гід праз усю дарогу не адазваўся словам. Спачатку я палічыла яго паслушнікам. Які нармальны маладзён стане суправаджаць па пыльных вулачках незнаёмую цётку? Хапіла б падказаць дарогу.

Хлапец быў падключаны да смартфона, праз навушнікі даходзіў шумок, падобны да шораху марскіх хваляў. Час ад часу ён азіраўся і лагодна заўсміхаўся. Абапал левай рукі цягнулася возера Свіцязь, у ранішнім сонцы яно напамінала агромністае люстра. Набярэжная вуліца раскошна драмала, мроячы пра спакусы турыстычнага сезона. Час ад часу на панадворку закукарэкаў певень.

За царкоўным парканам мой гід, не здымаючы навушнікаў з галавы, набожна перажагнаўся і паказаў рукой уваход у новы будынак манастыра, што стаяў сярод зааранай зямлі непадалёк ад царквы. Сам адвярнуўся на пяце і адышоў, каб зноў вярнуцца той самай дарогай да кінатэатра „Маяк”.

Я спытала ў хлапца пра імя.

— Яраслаў!

— А ты — мясцовы? — я патрабавала нейкі доказ на яго рэальнае існаванне.

— Да! — прагучаў ашчадны і заадно цвёрды адказ.

* * *

Свіцязская царква явілася найбольш дастойным будынкам, які да гэтай пары я пабачыла на ўкраінскім Палессі. Адкуль у азёрналясным (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF