Ніва № 33 (3092), 16 жніўня 2015 г.

Новыя пад’язныя дарогі на палеткі

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Дваццаць дзевяць падляшскіх гмін, у тым ліку Нараўчанская, Міхалоўская і Сямятыцкая атрымалі фінансавую падтрымку для будаўніцтва і мадэрнізацыі крыху больш за 33,6 км пад’язных дарог да сельскагаспадарчых зямель, значыць, на палеткі. Управа Падляшскага ваяводства вылучыла для гэтай мэты каля аднаго мільёна ста тысяч злотых. У мінулым годзе яна выдаткавала на іх 860 тысяч злотых (больш за 21,2 км дарог), а яшчэ год раней 720 тыс. зл. (амаль 18,5 км). 30 ліпеня перад цырымоніяй падпісання пагадненняў аб перадачы грошай у гміны маршалак Падляшша Мечыслаў Башко паведаміў журналістам, што яны атрымаюць на дарогі да 50% фінансавання, але ў сярэднім, аднак, ад 30 да 35%. Прызнаныя ў гэты раз сумы вагаюцца ад 35 да 80 тыс. зл. Усе гміны, якія хадайнічалі за гэта, атрымалі такую падтрымку. Толькі адна зняла заяву, таму што не мае сваіх уласных рэсурсаў. Маршалак прыгадаў, што змяняюцца параметры пад’язных дарог: «Гэтыя дарогі маюць шэсць з паловай метраў у шырыню. Былі калісьці ў чатыры метры, пасля ў чатыры з паловай».

Некалькі месяцаў таму ў Маршалкоўскую ўправу пададзена была прапанова стварыць спецыяльньную ваяводскую праграму па мадэрнізацыі пад’язных дарог да палёў. Мечыслаў Башко (кандыдат нумар адзін падляшскага ПСЛ у Сейм у восеньскіх выбарах) паведаміў, што яе рэалізацыя будзе залежаць ад наяўнасці ўласных сродкаў. Ён запэўніў, аднак, што ў наступным годзе гэтая тэма будзе паўторна абмеркаваная. (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF