Ніва № 28 (2983), 14 ліпея 2013 г.

Нараўчанская гміна пабачыла свой шанс у агратурызме

Ганна КАНДРАЦЮК

З войтам Нараўчанскай гміны Міколам Павільчам пра мадэрнізацыю і турыстычныя атракцыёны, пра ахову духовай спадчыны гутарыць Ганна Кандрацюк.

Ганна Кандрацюк: — Традыцыйна ўжо, пасля «пятроўкі», у вас Купалле. У гэты раз яно запланаванае на 13 ліпеня. Якія атракцыёны Вы падрыхтавалі?

Мікола Павільч: — Купалле, само па сабе чароўнае. Будуць, вядома, спевы і конкурс на самы прыгожы вянок, будуць феерверкі. Праз Нараўку пройдзе купальскі карагод з запаленымі паходнямі і спевам. Шэсце будзе ісці са спартовай пляцоўкі да байдарачнай базы на рэчцы Нараўцы. Той, хто прыедзе, не пашкадуе.

ГК: — У час гутаркі з мясцовымі жыхарамі ў мяне склалася ўражанне, што Нараўка — гэта гміна, якая пабачыла свой шанс у развіцці агратурызму.

МП: — Напэўна, гэта адна з магчымасцей зарабіць крыху грошай, хаця вядома, што з аднаго агратурызму немагчыма выжыць.

ГК: — А колькі ў гміне пансіянатаў?

МП: — На сённяшні дзень у нас 45 кватэр — гэта тыя зарэгістраваныя. Ёсць яшчэ такія, дзе прыязджае адпачываць сям’я гаспадароў. Пансіянаты, да пяці пакояў, звольненыя ад падатку, яны самастойныя і гміна іх не падтрымлівае ў фінансавым плане. Так што нікому гэта не перашкаджае.

ГК: — У нашым падляшска-беларускім свеце агратурызм — новая з’ява. Скажыце, Вы многа працавалі, каб дайсці да таго моманту, які зараз у гміне?

МП: — У гэтай галіне мы, як гміна, працуем ужо дзесяць гадоў, але тут усё залежыць ад уласнікаў кватэр — ці яны знойдуць час і сілы, каб прымаць людзей. Ці змогуць прапанаваць добрыя ўмовы для адпачынку, каб тыя кватэры былі чыстыя і гатовыя ў кожны час прыняць людзей. Трэба таксама мець грошы. Сёння адзін пакой і ложак — гэта мала. Трэба, каб была лазенка, каб была магчымасць карыстацца кухняй і каб былі ўсякія атракцыёны. Сам начлег і харчаванне сёння не спрацуюць. Мусова, каб была якаясь разрыўка, спосаб на актыўны і модны адпачынак (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF