Ніва № 21 (2976), 26 мая 2013 г.

Рэзідэнцыя Сапегаў у Дубне

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

16 мая г.г. у беластоцкай ратушы, галоўнай сядзібе Падляшскага музея, адбылося адкрыццё выстаўкі „Між Каронай і Літвой; асновы рэзідэнцыі Сапегаў у Дубне”. Сама рэзідэнцыя размяшчалася каля двух кіламетраў за сённяшняй вёскай, недалёка цяперашняй дарогі з Боцькаў у Краснае Сяло. І яшчэ дзесяць гадоў таму не было ўжо па сутнасці і слядоў ад яе.

Сляды захаваліся ў дакументах. І вось на аснове дакументаў з дапамогай сучаснай тэхнікі, м.інш. магніталакацыі і авіяфатаграфіі, абследаваўшы тэрыторыю плошчаю каля дванаццаці гектараў, удалося ўстанавіць месца былой рэзідэнцыі і ў 2005 годзе пачаць археалагічныя раскопкі. Гэтыя даследаванні праводзіў беластоцкі Падляшскі музей у супрацоўніцтве з Інстытутам археалогіі Лодзінскага ўніверсітэта; да прац падключаліся таксама вучоныя з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. І ў выніку, як міфічны Фенікс з попелу, пачалі паказвацца ў зямлі асновы колішняй магнацкай рэзідэнцыі ў Дубне.

Фальварак у Дубне існаваў ужо ў XVI стагоддзі, а ягоны найбольшы росквіт выпаў на першую палову наступнага стагоддзя. Уласнікам маёнтка быў м.інш. першы падляшскі ваявода Іван Сапега. Гаспадарка была накіравана галоўным чынам на вырошчванне жыта і аўса; гэтае збожжа пасля везлі ў парты Мельніка і Нура ды адпраўлялі водным шляхам у Гданьск і Каралевец. Для ўласных патрэб у фальварку гадавалі кароў і свіней (...)


поўны тэкст артыкула ў друкаваным варыянце газеты або праз тыдзень у архіўным выпуску Нівы.PDF