Ніва № 51 (2953), 16 снежня 2012 г.
Бескарыслівая ахвяра спадарыні ГенавефыІаанна ЧАБАНКалі запытаць любога крынчаніна пра найбольш вядомую мясцовую санітарку, безумоўна ўсе, незалежна ад узросту, аднагалосна адкажуць: „Генавефа Пархоўская”. Спадарыні Генавефе ўжо больш за восемдзесят. Доўгія гады цяжкай працы, у якую ўклала ўсё сваё сэрца і сілы, адбіліся балючымі слядамі на яе ўласным здароўі. Пры нагодзе нашай першай сустрэчы спадарыня Генавефа запрапанавала супольна падысці ў цэнтр Крынак, пад тры крыжы Яна Паўла ІІ, каб паставіць там знічку. — У касцёл мне ўжо задалёка хадзіць, таму я хаця тут памалюся, — расказвае спадарыня Генавефа. А моліцца яна за здароўе і душэўны спакой усіх крынчан, без розніцы — католікаў і праваслаўных. Нацыянальныя і канфесійныя падзелы не існавалі для яе і ў далёкім пачатку, аказваецца, яе незвычайнай, прафесіянальнай дарогі. * * * — Я жала якраз напроціў крынскага шпіталя, — пачынае свой аповед спадарыня Генавефа. — Помню, у час Другой сусветнай вайны безупынна турбавалі мяне жахлівыя енкі і крык нямым голасам „Мацер Божая, спасай”. Гэта былі раненыя рускія салдаты. Яны прасілі помачы, змілавання, а нават смерці. Пасля раздаваліся праклёны, хіхіканне, быццам у вар’яцкім доме і на канец наступала звінячая ў вушах цішыня. У гэтыя бяссонныя ночы я прабавала зразумець, чаму ніхто не можа аблягчыць іх долю. Неўзабаве сама рашылася ахвяраваць сябе ўсім хворым і пацярпелым. У крынскай лячэбніцы я пачала працаваць ў сакавіку (...) |