Ніва № 51 (2953), 16 снежня 2012 г.
Пераломны годВіктар САЗОНАЎ2012 год падышоў да свайго завяршэння. У цывілізаваным свеце жыхары рыхтуюцца да каляднага распродажу, калі кошты на некаторыя тавары зніжаюцца больш чым напалову. Беларусь да такіх краін не належыць. Перад святамі ў Беларусі кошты чарговы раз нагадваюць яе грамадзянам, што ім няма чаго цешыцца са сваёй мадэлі эканамічнага цуду. Гэтая цалкам супрацьлеглая ад усёй астатняй Еўропы сітуацыя нібыта падказвае, што пара нешта мяняць. Але беларусам пакуль не да змен. Яны ўжо падрыхтаваліся рвануць на калядны распродаж у суседнія краіны, дзе з за іх масавай наведвальнасці мясцовым жыхарам будзе не праціснуцца да здабыткаў свайго эканамічнага і палітычнага выбару. Чаму так сталася? Дваццаць гадоў таму менавіта ад нас валаклі, прыкладам, у суседнюю Польшчу ўсё, што з’яўлялася на паліцах беларускіх універмагаў. Тады, акурат Беларусь і Эстонія лічыліся самымі перспектыўнымі краінамі ў мажлівасцях эканамічнага развіцця, чым усе памежныя суседзі і з захаду, і з усходу. Ды вось Эстонія зараз ужо гатовая ўступіць у зону еўра, бо яе эканоміка адпавядае ўсім нормам Еўрасаюза, а беларусы будуць душыць адзін другога ў памежных чэргах, брудна лаючыся на суайчыннікаў агіднымі расейскімі мацюкамі. Можа ўсё сталася так таму, што эстонцы, вырваўшыся з палону СССР, пачалі адразу будаваць сваю незалежную краіну. На першае месца паставілі нацыянальныя і духоўныя каштоўнасці, а да роднай мовы паставіліся так, як і трэба ставіцца да роднага. (...) |