Ніва № 50 (2952), 09 снежня 2012 г.
Каля СтрабліАляксандр ВЯРБІЦКІЧарговы новы год набліжаецца з чарговым Дзедам Марозам, які прывязе ў сваіх санях чарговыя нам навагоднія падарункі. У гэты раз, як ужо даведаліся пранырныя нашы медыі, мае гэта быць чарговы новы расклад язды цягнікоў, які прынясе чарговыя скарачэнні, якія ў чарговы раз накіраваныя на лініі, што вядуць на поўдзень і ўсход ад Беластока. Хаця да гэтай пары некаторыя спалучэнні ўдавалася захаваць, аднак у гэты раз наступ скарачэнняў здаецца быць неадхільны. З трох курсаў паміж Беластокам і Чаромхай мае астацца толькі адзін; мае кануць у Лету той курс, якім я раніцай падаваўся з Беластока ў наш тутэйшы штораз менш шырокі свет. І пакуль тое спалучэнне, як некаторыя дзяржавы ў сваіх нацыянальных гімнах, яшчэ не прапала, падаўся я на ранішні цягнік у напрамку Бельска. Чыгуначны прыпынак Беласток-Стадыён нейкі час таму быў закрыты з за пабудовы побач яго новага дарожнага віядука над пуцямі. Новы віядук ужо пабудаваны, а цяпер будуецца іншы новы — заміж старога, але цягнікі ўжо ездзяць. Падаўся я на згаданы прыпынак яшчэ да досвітку, не надта ведаючы, як да яго дабрацца цераз будаўнічыя раскопы. Спіральны пад’ём новай дарогі з новага віядука ў напрамку прыпынку завёў мяне ў раскапаны тупік. Знайшоў я ў поцемках нейкую кволую лясную сцяжынку, якая ўмомант вывела мяне на перон. На месцы закрытай ад шматлікіх гадоў пачакальні зараз высіцца высокі тэрыкон свежа раскапанай зямлі. Але на прыпынку сабралася сем пасажыраў — (...) |