Ніва № 46 (2948), 11 лістапада 2012 г.
Ратуйма Украіну, хлопцы! (3)Ганна КАНДРАЦЮКДзесьці за Трускаўцом, на фоне Бяшчадаў, кінуўся ў вочы вядомы з польскай літаратуры ўказальнік: Вэрныгора. Звычайны тут назоў мясціны прамаўляў як метафізічны знак, паколькі абазначаў імя карпацкага дзеда-вешчуна, які з дапамогай ліры прадказваў лёс краіны. Станіслаў Выспянскі нічога не прыдумаў. Нідзе больш на свеце як у Прыкарпатыі людзі гатовы пагаварыць пра тое, што будзе пасля таго, што яшчэ не адбылося... Спачатку мы доўга блудзілі па вуліцах Дарагабыча, каб адшукаць адзіны ў горадзе гатэль „Вустынь”. Не дапамагалі падказкі людзей, ні турыстычны даведнік з картай горада, а ўжо найбольш падводзіла логіка. З часам аказалася, што ўсяму закалоту вінаваты помнік на гарадской кругавой развязцы — касмічная талерка, што застаўляла кружыць вакол сваёй канструкцыі. Папраўдзе, гэта было прадказанне знаёмства з мясцовым геніем астраномам. Яго асоба, выкаваная ў бронзе, стаяла (без надпісу) на гарадскім скверы, ля каталіцкай кафедры і жыва напамінала Мікалая Каперніка. — Нічога не ведаю пра дарагабыцкі перыяд у жыцці Каперніка! Пра гэта маўчаў таксама польскі даведнік, які, здавалася, не абмінуў ніводнай драбніцы, звязанай з польскай гісторыяй ва Украіне. Загадка не давала спакою, бо непадалёк помніка знаходзілася яшчэ вуліца Мікалая Каперніка... Але як кажуць, язык да Кіева давядзе. Вядома, калі прамовіш на мове аўтахтонаў. * * * Дарагабыч (...) |