Ніва № 46 (2948), 11 лістапада 2012 г.
За СаколкайАляксандр ВЯРБІЦКІ— Першы прыпынак за Паплаўцамі, Воўкушы ці як — заказваю білет у шафёра. — Ласосна. Апошняя назва паяўляецца на тапаграфічнай карце, але неяк так нясмела — не як вёска, але як нейкае ўрочышча, месца без выразна пазначаных будынкаў. Выходжу з аўтобусіка, што з Беластока ў Кузніцу, на выбраным мною, а названым шафёрам, прыпынку. У амаль дажджлівае, шэрае надвор’е разглядаюся — у адлегласці каля паўкіламетра ад шашы віднее таямнічая стэла-капліца, што каля вёскі Воўкушы (пісала пра яе „Ніва” ад 19.09.2010 г.), пра якой узнікненне не захаваліся, ці пакуль што не знойдзены ніякія пэўныя весткі і можна толькі вельмі цьмяна здагадвацца пра яе прызначэнне-ахвяраванне... Аднак у мяне намечаны іншы план, маршрут у супрацьлеглым напрамку. Іду асфальтоўкай, якой насціл нясе на сабе шматлікія раны ад доўгага змагання з усялякім транспартам: і латы, і выямкі, якія ў дажджлівае надвор’е сквапна напоўніла вада. Навакольны краявід перасечаны, нізы і вярхі па мясцовасці займаюць ахапкі маладога лесу; значыць, яшчэ не надта даўно яны натужліва абрабляліся сялянамі, а зараз той сялянскі наступ слабее. Неўзабаве маім вачам паказваецца — за тыповай у нас вясковай хатай — доўгі будынак з каменнымі сценамі, які да тае хаты не надта пасуе. Мабыць, здагадваюся, гэта нейкая абора даўняга маёнтка. І сапраўды — неўзабаве, за паваротам асфальтоўкі паказваюцца разлеглыя „куксы” мажных сцен, зарослыя ўсялякай расліннасцю, на (...) |