Ніва № 45 (2947), 4 лістапада 2012 г.
„Напісанае застанецца”Кастусь БАНДАРУКВось перагарнуў адну з самых аб’ёмістых кніг, якія — акрамя Бібліі — калі-небудзь мне здарылася трымаць у руках. „Іерархія і клір Праваслаўнай царквы ў межах ІІ Рэчы Паспалітай і пасляваеннай Польшчы ў XIX-XXI cтагоддзях”*. Пару дзён раней сустракаўся з яе аўтарамі: айцом Рыгорам і матушкай Антанінай. Мы глядзелі на карціны ў іхным парафіяльным доме, на працоўны пакой, на паліцы з папкамі архіўных матэрыялаў, а ў іх размеркаваныя паводле тэматыкі незлічоныя здымкі, выразкі з газет, нататкі і дакументы. Паглядзелі і экспанаты ў краязнаўчым музеі „Бацькаўшчына”, размаўлялі пра многае, не засяроджваючыся на апошняй з іх шматлікіх прац, пра якую цяпер пішу. Пра сам багаты плён навукова-даследчыцкай працы а. Рыгора Сасны асобна і ў пары з матушкай Антанінай Троц-Сасной ведаю з самых твораў і з публікацый пра іх, а чаго каштавала дасягненне гэтага плёну — здагадваюся, хаця, прыкладваючы звычайныя меркі, і не ў стане поўнасцю ўявіць. Тысяча старонак. У алфавітным парадку некалькі тысяч біяграмаў епіскапаў, святароў, дыяканаў, рэгентаў і псаломшчыкаў на працягу амаль двух стагоддзяў на тэрыторыі, дзе прасоўваліся дзяржаўныя межы, але Царква і народ заставаліся на месцы. Пачынаю ўсведамляць колькі гадоў працы, якой неверагоднай сістэматычнасці, метадычнасці, дакладнасці і цярплівасці спатрэбілася, каб з’явілася гэтая манументальная праца. Ад прыліву паэтычнага натхнення нараджаецца ўдалая метафара ці фраза, але слоўнікі, (...) |