Ніва № 45 (2947), 4 лістапада 2012 г.
За БельскамАляксандр ВЯРБІЦКІЗлажу з аўтобуса ў Кнарыдах.Надвор’е не надта спрыяльнае, дзьме дакучлівы вецер. Чацвёрку пасажыраў, што высадзіліся разам са мною, хутка паглынае вясковая забудова. Кіруюся на ўсход, у тым напрамку, адкуль у Кнарыды мела пралегчы новая дарога з боку нядаўна пабудаванай мэблевай фабрыкі з брэндам Ікея. Але тут, у Кнарыдах, не відаць ніякіх перамен, ніякіх падарункаў, якія меў сюды прынесці гэты шведскі Санта-Клаўс. Дарога ў напрамку Мокрага, у напрамку Дубяжына і Кошак, трымае надалей тыя стандарты, якія атрымала ў час яе сацыялістычнага будаўніцтва — нясе яна на сабе жвіровы насціл. Неўзабаве за Кнарыдамі шмыгае яна ў лес, які ў сваіх уладаннях не дазваляе разгуляцца свавольнаму ў той дзень ветру. У лесе, што паміж Кнарыдамі і Мокрым, ціха і ўтульна, да ўсяго гэтага паказваецца яркае сонца. Там наступаючая восень зладзіла выстаўку свайго ляснога мастацтва, расклаўшы лісцевы дыван, які паказвае ўсе найярчэйшыя колеры з таго спектра, які адведзены для гэтай пары года. А мне навейваецца думка пра ўзаемаадносіны росквіту і дэкадансу. Падазраваю, менавіта, што тая лясная прыродная выстава па дарозе з Кнарыд у Мокрае магчымая цяпер толькі таму, што ў еўрапейскае эканамічнае жыццё завітаў крызіс. Бо калі б не ён, здаецца мне, дык на месцы той візуальнай раскошы, якую расклала прырода па гэтай лясной дарозе, ляжаў бы ўжо бяздушны асфальт, па якім машыны валачылі б свае паліўныя і акустычныя выхлапы. Ды і ў шырокім (...) |