Ніва № 44 (2946), 28 кастрычніка 2012 г.
Штодзённыя анектдотыУладзімір ХІЛЬМАНОВІЧКалі ўсе штодзённыя праявы навакольнай рэчаіснасці прымаць сур’ёзна і блізка да сэрца, то можна адразу пайсці і застрэліцца, альбо накласці на сябе рукі іншым спосабам. Бо калі бесперапынна нервавацца, то ўсё роўна ніякага жалезнага здароўя не хопіць нават на такое кароткае сярэдняе чалавечае жыццё. Амаль кожны дзень прыносіць такія навіны, што як кажуць — „хоць стой, хоць падай”. Пра Нобелеўскую прэмію міру, якую прысудзілі Еўрасаюзу, ужо напісалі мае сябры і калегі. Праз пару дзён увесь кантынент пацешыла сталіца Польшчы — Варшава, якая не здолела накрыць свой суперсучасны стадыён, уведзены ў эксплуатацыю на футбольны еўрачэмпіянат зусім нядаўна, дахам. Нібыта па рэгламенце адказныя чыноўнікі слухаліся прысланага інспектара, які да апошняга чакаў з мора пагоды, ды так і не дачакаўся. Калі гэта сапраўды так, то вось яна сутнасць еўрапейскага бюракратызму — бо мясцовыя службовыя асобы не могуць самастойна прыняць відавочнага рашэння. А інтарэсы людзей, якія моклі некалькі гадзін на дажджы і страцілі марна час і грошы, адсунуты на другі план. Вось у Беларусі — адваротная сітуацыя — тут адміністрацыйна-камандны „маркетынг” дзеіць напоўніцу. З тым жа футболам яскравы прыклад — спярша федэрацыя на матч Беларусі з мацнейшай дружынай свету — Іспаніяй узняла кошты на квіткі ў неадэкватныя высі. Ну, а потым, калі білетаў не раскупілі, распаўсюдзіла значную іх частку задарма па розных дзяржаўных установах, (...) |