Ніва № 41 (2943), 7 кастрычніка 2012 г.
З Воленскага прыхода (3)Аляксандр ВЯРБІЦКІСкладаны асабісты лёс Міхала Баброўскага ўскладніў і ягоны навуковы даробак. Не захаваліся ягоныя найбольш каштоўныя працы па гісторыі славянскага кнігадрукавання ў Вялікім Княстве Літоўскім, беларускія лінгвістычныя даследаванні ці папулярныя багаслоўскія апрацоўкі. Затое з ягоным прозвішчам звязаны дакумент незвычайнай культурна-гістарычнай вартасці — Супрасльскі зборнік, які ў шырэйшым навуковым свеце больш вядомы пад назвай Codex Suprasliensis. Назва зборніка ўзялася з таго, што ён быў знойдзены Міхалам Баброўскім у фондах бібліятэкі Супрасльскага манастыра, бо па сваёй сутнасці ён ніякага іншага дачынення да Супраслі не мае. Гэты Кодэкс з’яўляецца чэццяй-мінеяй (месячнае чытанне, якое ўключае жыціі святых, павучанні, пропаведзі, складзеныя ў адпаведнасці з днямі ўшаноўвання Царквою святых) на сакавік. Даследчыкі апошнім часам устанавілі, што дакумент напісаны ў другой палове Х стагоддзя на ўсходзе Балгарыі, найверагодней у Прэславе, але раней былі таксама меркаванні, што ён мог паўстаць і на тэрыторыі цяперашняй Харватыі, і на тэрыторыі цяперашняй Румыніі. Ды і дата яго напісання таксама здагадвалася па-рознаму, сягаючы нават ХІІІ стагоддзя. Якім чынам ён трапіў у Супрасль — можна толькі здагадвацца. І здагадка тая такая, што прынеслі яго ў Супрасльскі манастыр ананімныя балгарскія манахі, якія менавіта тут, у нас, каля паўтысячагоддзя таму, шукалі сховішча перад турэцкім нашэсцем на балгарскія (...) |