Ніва № 41 (2943), 7 кастрычніка 2012 г.
Грамадзянскі абавязакВіктар САЗОНАЎТолькі што скончыліся чарговыя парламенцкія выбары на Беларусі, а ўражанне такое, што яны і не пачыналіся. Няма гучных заяў, што перамаглі ці то правыя плыні, ці то левыя сілы. Няма разваг пра стварэнне парламенцкіх кааліцый. Не падлічваецца колькі ў новым заканадаўчым органе прыхільнікаў дзеючай выканаўчай улады, а колькі супраціўнікаў. Ніхто не аналізуе як павернецца сітуацыя, калі неўзабаве запрацуе новаабраны парламент. Яго ніхто нават не стараецца апратэставаць на шырыню палітычных і эканамічных поглядаў, ніхто не высвятляе, якія палітычныя ці эканамічныя прыярытэты ў новых абраннікаў народа. Не складаюцца прагнозы на тое, як цяпер можа павярнуцца знешнепалітычны вектар, і як гэта паўплывае на жыццё і дабрабыт таго чалавека, які прыйшоў або не пажадаў прыйсці на выбарчы ўчастак. Нешматлікія рэшткі незалежнай прэсы стараюцца нешта напісаць пра ход кампаніі. Але неяк без асаблівага фанатызму. Яны бяруць інтэрв’ю ў апазіцыйных лідараў, стараюцца неяк прадоўжыць жыццё выбарчай тэматыкі праз аналітычныя артыкулы, падпісаныя вядомымі прозвішчамі. Але ўсё зводзіцца з большага да двух пытанняў. Адно з іх пра байкот. Ці адбыўся ён, калі так то ў якіх маштабах і хто спрычыніўся да яго правядзення. І другое — чаму адных палітвязняў выпускаюць, а ў другіх пагоршыўся рэжым утрымання. Дзяржаўная ж прэса, апублікаваўшы лічбы агучаныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй, зусім згубіла цікавасць да гэтай тэматыкі. (...) |