Ніва № 37 (2939), 9 верасня 2012 г.
Там, дзе жывуць анёлыІаанна ЧАБАН— Патрэбна дапамога, — кажа добрая знаёмая крынскага калектыву „Зараніца”. — Будзем збіраць сродкі на дзейнасць анкалагічнага госпіса ў Новай Волі. Мо прыедзеце з канцэртам? Яна лепш за ўсіх ведае, што гэта такое сур’ёзная хвароба. Бог злітаваўся і пасля цяжкага выпрабавання назначыў ёй прадаўжэнне няпростай, але ж і захапляючай зямной дарогі. Частыя візіты ў шпіталі паспрыялі яе знаёмству з доктарам Грабоўскім, старшынёй новавольскага Фонду „Падляшскі анкалагічны госпіс”. Нядаўні досвед асабістага апакаліпсісу, мабыць, яшчэ больш уразіў і так бязмерна добрую душу гэтай жанчыны. Дапамога хворым і патрабуючым стала важнай часткай ейнага новага жыцця. Дабрачынны канцэрт быў назначаны напярэдадні праваслаўнага свята Праабражэння Гасподняга. „Зараніца” якраз сур’ёзна рыхтавалася да падарожжа на Святую Гару Грабарку, але ж перапынак у Новай Волі здаваўся быць безумоўным дапаўненнем двухдзённага паломніцтва. Пра госпіс і яго стваральнікаў музыканткі чулі толькі самыя лепшыя гісторыі, таму і гэтае запрашэнне было для іх неспадзяваным і надзвычай вялікім гонарам. Падрыхтаваўшы невялікую канцэртную праграму і паломніцкую экіпіроўку, рушылі ў дарогу, запыняючыся на хвіліну пры татарскім рэстаране ў падкрынскіх Крушынянах, каб забраць страву, спецыяльна звараную ўдзельнікам Першага дабрачыннага падляшскага паўмарафона. Астатнія кіламетры шляху Крынкі — Новая Воля вялі бязмежжамі Кнышынскай пушчы. Заранічны сродак (...) |