Ніва № 37 (2939), 9 верасня 2012 г.
Дзень паразыУладзімір ХІЛЬМАНОВІЧСотні тысяч маленькіх і юных жыхароў Беларусі 1 верасня пайшлі на так званыя школьныя „лінейкі” — у краіне пачаўся новы навучальны год. Па старой завядзёнцы дзень гэты неафіцыйна лічыцца і прызнаецца большасцю святочным, бацькі рыхтуюцца да яго загадзя, а прыгожа і чысценька апранутыя дзеткі нясуць да школьных парогаў тысячы букетаў. Для нас жа, беларусаў, якія не здолелі забяспечыць для сваіх дзяцей беларускамоўнага навучання, гэта дзень нацыянальнай паразы, дзень перажывання і глыбокага расчаравання. Мяркуйце самі — у старажытным Гродне, нашай Гародні, якая яшчэ дваццаць гадоў таму заяўляла прэтэнзіі на тое, каб быць „беларускім Львовам”, на сённяшні дзень сярод трыццаці васьмі школ няма аніводнага беларускага класа. Аніводнага паўнавартаснага беларускамоўнага класа ў горадзе над Нёманам, дзе пражывае больш трохсот тысяч жыхароў, няма! Мясцовыя русіфікатары за васемнаццаць гадоў прэзідэнцтва чалавека, які ненавідзіць беларускую мову, знішчылі нашае школьніцтва ўшчэнт. Беларуская грамадзянская супольнасць, якая рознымі спосабамі спрабавала ратаваць беларускую школу, пацярпела на сваім полі зруйнавальную паразу. А значыць гэтай супольнасці ў нас ужо няма ўвогуле, як бы ні прыкра і горка было гэта прызнаваць. Апошняе пакаленне, якое вучылася ў значнай ступені па-беларуску ў дзевяностых гадах, раз’ехалася па цэлым свеце. А ў сталіцы моладзь усяляк пераследуюць за грамадскія акцыі рознага кшталту. Такую беларускамоўную (...) |