Ніва № 36 (2938), 2 верасня 2012 г.
З „Лістоў з Зэльвы” пачалося ўшанаванне Ларысы ГеніюшСяргей ЧЫГРЫНШтогод у Зэльве ў пачатку жніўня збіраюцца беларусы з усіх куткоў Бацькаўшчыны, каб ушанаваць памяць пра Ларысу Геніюш — легенду беларускай паэзіі, прыклад высокай чалавечай маральнасці, ахвярнай хрысціянкі і сапраўднага патрыёта Бацькаўшчыны. І сёлета ў суботу, 11 жніўня, каля сарака чалавек завіталі ў Зэльву з Гародні, Слоніма, Свіслачы, Мінска, Ваўкавыска, а краязнавец з вёскі Заполле Івацэвіцкага раёна Алесь Зайка прыехаў нават на матацыкле. Імпрэза пачалася ў зэльвенскай Свята-Троіцкай царкве з набажэнства на беларускай мове ў гонар паэткі. А потым усе сабраліся каля помніка Ларысе Геніюш, які знаходзіцца на цвінтары. Адкрыў урачыстасць паэт і літаратуразнавец Міхась Скобла: „Так ужо атрымалася, што гэтая зямля каля помніка — гэта зона свабоды ў Зэльве. Яна, на жаль, невялікая. Але ўжо сталася традыцыяй і мы ўжо не наракаем на тое, што не забяспечаныя ўмовы, памяшканне. Апошні раз у зэльвенскім Доме культуры Ларысу Геніюш ушаноўвалі ў 2000 годзе. Ад таго часу ўрачыстасці сталі напаўафіцыйнымі. 9 жніўня споўнілася б 102 гады з дня народзінаў беларускай паэткі. Вось мы і сабраліся яе зноў ушанаваць”. Міхась Скобла разам з Эдвардам Дмухоўскім з Гародні на імпрэзе прэзентавалі кнігу „Лісты з Зэльвы”, якая выйшла сёлета з друку ў серыі „Гарадзенская бібліятэка”. У пісьмах знайшлі сваё адлюстраванне самыя розныя падзеі — паўсядзённыя і эпахальныя. У іх — споведзь (...) |