Ніва № 36 (2938), 2 верасня 2012 г.
Даследаванне злаАляксандр ВЯРБІЦКІГутарка з Канстанцінам МАСАЛЬСКІМ, аўтарам кнігі са зводным пералікам праваслаўных жыхароў Беласточчыны, якія загінулі ў 1939-1956 гадах. — Нядаўна выйшла кніга „Księga pamięci prawosławnych mieszkańców Białostocczyzny, ofiar wydarzeń z lat 1939-1956”, падпісаная Вашым прозвішчам. Ці гэта толькі Вы збіралі да яе матэрыялы, ці яшчэ хтось? — Я працаваў толькі сам адзін, з 1997 года. — Значыць пятнаццаць гадоў... — Не, я завяршыў яе падрыхтоўку ў 2008 годзе. — Дык Вы збіралі матэрыялы адзінаццаць гадоў, а чатыры гады занялі захады дзеля яе выдання. Адзінаццаць гадоў гэта даволі доўгі перыяд... — Працу я пачаў з моманту заснавання згуртавання будовы помніка праваслаўным, што загінулі ў ваенны і пасляваенны перыяд. Я дайшоў да вываду, што такі помнік не можа быць ананімны і трэба знайсці і паказаць усіх тых людзей, якім гэты помнік прысвечаны. Першыя крокі я скіраваў у беластоцкі Дзяржаўны архіў. Дырэктар Марэк Кетлінскі даў мне магчымасць пазнаёміцца з усімі дакументамі датычнымі гэтай справы; я яму за гэта вельмі ўдзячны. Я там пераглянуў усе дакументы: дакументы былой Камісіі даследавання гітлераўскіх злачынстваў — зводкі, рапарты, увагі ды паведамленні солтысаў, гмінных устаноў і пастарункаў Грамадзянскай міліцыі. Цікава, што часта тая самая асоба ў розных дакументах мела па-рознаму пісаныя прозвішчы або розныя імёны. І калі маеш два такія дакументы, трэба знайсці трэці, каб сцвердзіць, якое імя правільнае. (...) |