Ніва № 36 (2938), 2 верасня 2012 г.
A што засталося? Віктар САЗОНАЎ Прайшоў 21 год з таго часу, калі мары многіх пакаленняў беларускіх патрыётаў пра незалежнасць сталі рэальнасцю. 25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закону. З гэтага моманту імкліва распачаўся працэс аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. Назва БССР была зменена на назву Рэспубліка Беларусь. Беларускую дзяржаву пачалі прызнаваць па ўсёй планеце. Надуманыя савецкія сімвалы замянілі старадаўнія бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня. Беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай мовай краіны. З’явіліся беларускія грошы. Пачалася пабудова дэмакратычных інстытутаў. Грамадзянскія свабоды ўжо ні ў каго не выклікалі здзіўлення. Прапаў страх. Вольныя людзі масава пачалі карыстацца такімі дэмакратычнымі заваёвамі як свабода слова. Ні ў каго ўжо не было сумненняў у тым, што наступныя выбары будуць цалкам дэмакратычнымі і кожны голас кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь будзе ўлічаны і непасрэдна паўплывае на будучыню ўсяго народа. Гэта быў час надзеі і наіўнага рамантызму на ўсёй шостай частцы сушы, якую тады займала ўжо неіснуючая краіна СССР. Гэты ядзерны монстр, з яго шматколькасным войскам, моцнымі спецслужбамі, агентурай па ўсім свеце, кіруючай роляй Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, усёахопліваючай сеткай ідэалагічных работнікаў і татальным кантролем не толькі над усімі працэсамі, якія адбываліся ў грамадстве, але і над кожным грамадзянінам гэтай краіны, (...) |