Ніва № 31 (2933), 29 ліпеня 2012 г.
Гродзіская шматкультурнасць (1)Аляксандр ВЯРБІЦКІУ канікульны перыяд шматлікія аўтобусныя курсы спыняюць сваю актыўнасць, асабліва тыя, што наведваюць меншыя мясцовасці, у тым ліку і гмінныя. Вось цяпер немагчыма даехаць публічным транспартам у даабедні час з Беластока ў Гродзіск, гмінную мясцовасць, што быццам прыхавалася між Сямятычамі і Браньскам. Прыходзіцца камбінаваць, і то камбінаваць на сваіх дваіх... З аўтобуса злажу ў Верцені. Са славутай бельска-сямятыцкай шашы, якая быццам аддзяляе мясцовы ўсход ад захаду, відаць тартак. Менш відаць пункт прыёму малака, бо яго пачынае скрываць час за зеленню вызваленага ад чалавечай увагі пустазелля. Пасярэдзіне вёскі двухпавярховы, але прытульны драўляны будынак адукацыйнага прызначэння. Цяпер невялікую яго частку займае нейкая сям’я, мабыць з сацыяльнага размеркавання, іншыя вокны сумна паглядаюць навонкі. Але вокны сялянскіх дамоў больш вясёлыя, нягледзячы на адсутнасць школы. Большы школьны будынак стаіць у адлеглых на пяць кіламетраў і аддзеленых ад Верценя лесам Клапотах; гэта некалькі шляхецкіх вёсак, якія я, аднак, пакіну пад адной назвай. На панадворку тамашняй адукацыйнай установы прылады для дзіцячых гульняў, аднак стаяць яны ў нетаптанай траве — значыць, зацікаўленне імі, мабыць, памяркоўнае. Невясёлую дэмаграфію ўскосна пацвярджае прадавачка, што ў краме каля расхадных дарог: булкі ў ейную краму пастаўляюць кожны другі дзень. Недалёка, у вобрубе вёскі Клапоты-Станіславы, (...) |