Ніва № 27 (2929), 01 ліпеня 2012 г.
Дзень царкоўнага хору ў ВостравеІаанна ЧАБАНУ нядзелю, 10 чэрвеня, у Востраве традыцыйна ўжо адзначалася свята прыхадскога хору. Паводле мясцовай традыцыі, яно заўсёды адбываецца на Сёмуху і яшчэ спалучанае яно з вясковым святам. Галя Грыбок, Зіна Куклік, Ніна Жа мойда, Марыя Шымановіч, Надзя Пракопчык і Валодзя Байгуз —сур’ёзнае ядро хору. Спявае ў ім таксама пару зусім маладых дзяўчат-дэбютантак, якія папалі ў пеўчую кампанію дзякуючы актыўнай дзейнасці рэгентаў — матушкі Людмілы Клімук і ейнай дачкі Магдалены — выпускніцы Быдгашцкай музычнай акадэміі. Амаль усе дарослыя харысты звязаны з працай на гаспадарцы. Так як і іхнія прадзеды цэлае сваё жыццё прысвяцілі роднай зямлі, пакінутай толькі на пару гадоў у перыяд сумнавядомага бежанства 1915 года. Яны засталіся вернымі не толькі матэрыяльнай спадчыне продкаў, але і іхняй культуры. Мяняць родную беларускую мову і традыцыі не збіраюцца. Шкадуюць толькі, што на іх пакаленні доўгі ланцуг паслядоўнікаў канчаецца. У іх дзяцей і ўнукаў ужо іншае жыццё, якое зусім не ўпісваецца ў знікаючы мясцовы каларыт. Найдаўжэй у востраўскай царкве спявае васьмідзесяціаднагадовая Ніна Жамойда. У царкоўны хор чатырнаццацігадовую Ніну запрасіў тагачасны псаломшчык. Ён наведваў усе хаты ў прыходзе, каб вылавіць найбольш таленавітую моладзь. Прозвішча псаломшчыка сцерлася з памяці харысткі, але застаўся вобраз ягонай скрыпкі. Гэта быў адзіны псаломшчык-скрыпач у цэлай вядомай гісторыі гэтага прыхода. Нават (...) |