Ніва № 24 (2926), 10 чэрвеня 2012 г.
Засакрэчаны помнік даўніныАляксандр ВЯРБІЦКІПа шашы ад Саколкі цераз Дуброву, амаль аж да самой Бобры, цягнецца просты ланцуг так жа простых вёсак-вуліцовак. У іх ліку Бярвіха і Масціха. На першы погляд здавалася б, што назвы гэтых дзвюх вёсак на свой лад „сваяцкія”, што назвы гэтыя выводзяцца ад нейкіх дзвюх жанчын, накшталт краўчыхі ці Васіліхі... Але гэта не так, бо этымалогію іх разгадаў быў Мікола Гайдук у 48-м нумары „Нівы” з 1978 года: „Вучоныя мяркуюць, што гэтае бясконцае сяло — вынік славутай „Уставы на валокі” з 1557 года, якую вельмі паслядоўна правялі па загаду і пад пільным наглядам самой каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Боны землямеры ў „гаспадарскіх” маёмасцях Вялікага Княства Літоўскага. Параскіданыя ў бязладдзі на захад ад рэчкі Сідры сялянскія паселішчы загадалі яны сцягнуць і паставіць паабапал гасцінца, што ўжо ў той час быў пракладзены ўскрай тадышніх Кузніцкай і Навадворскай пушчаў па градзе надрэчных пагоркаў. Для вёсак выразалі ў адным кавалку тры палеткі слабенькай, а побач пад вялікакняжацкі — „гаспадарскі” фальварак-подварак — самай лепшай зямлі, лугу, пашы і лесу. Нязгоршая валока прадназначалася тут жа для царквы або касцёла. І так з таго часу сядзяць на надсідранскіх пагорках, з Асмалоўшчыны пачынаючы і на Сякерцы канчаючы, некалькі частак гэтага сяла-ланцуга. Адна з гэтых частак завецца Бярвіха. Таямнічая, дзівосная назва! Але толькі на першы погляд. Аказваецца, якраз праз яе працякае з паўднёвага (...) |