Ніва № 23 (2925), 3 чэрвеня 2012 г.
За мурамУладзімір ХІЛЬМАНОВІЧКожны раз, калі даводзіцца на некаторы час пакідаць Беларусь, вяртаешся з нейкім чаканнем станоўчых перамен. Гэтае пачуццё не грунтуецца абсалютна ні на чым, акрамя падсвядомага і натуральнага жадання ўбачыць нешта іншае, лепшае. Вось і зараз, тыдзень не бачыўшы ні тэлевізара, ні газет, ні камп’ютара, з пэўным трымценнем у душы ўключыў інтэрнэт і стаў глядзець сайты. Аднак, цуды на гэтым свеце здараюцца не так часта. Навіны ўсё ж тыя: вось за бел-чырвона-белы сцяг, які нёс у руках звычайны хлопец Андрэй Моўчан на знак падтрымкі асуджанага Сяргея Каваленкі, прадстаўнікі міліцыі жорстка яго збілі. Збілі так, што зламалі сківіцу. І натуральна паўстае пытанне: хто гэтыя людзі з дзяржаўных структур — „ахоўнікі парадку” ці бандыты кшталту фашыстоўскіх эсэсаўцаў?! Дык якую перамогу і над кім нядаўна святкавала ўся Беларусь? Вось хапаюць праваабаронца і былога „афганца” Алега Волчака і валакуць у турму на чарговыя суткі арышту нібыта за брыдкаслоўе. Вось яна — „павага” да ветэранаў вайны. У той час як на вуліцах сапраўды лаюцца брудным матам скрозь і паўсюдна, але шматлікая міліцыя на гэта не рэагуе. У самой міліцыі гэта працоўная мова, яны па-іншаму і размаўляюць з цяжкасцю. Перад прыездам у Мінск „высокага госця” Уладзіміра Пуціна сілавыя структуры ўзяліся „зачышчаць” горад ад „Маладога фронту”. Іх генеральная мэта — увогуле ачысціць Беларусь ад беларусаў. Знішчыць усіх беларускамоўных беларусаў. (...) |