Ніва № 21 (2923), 20 мая 2012 г.
Паспяваем разамІаанна ЧАБАНГэта загаловак новай акцыі Культурнага аб’яднання „Тэрра Інкогніта” ў Крынках. Яна накіраваная, пакуль, да жыхароў вёсак, распаложаных у наваколлі гарадка Крынкі. Маленькія жменькі, пераважна пажылых людзей, экзістуюць у сапраўды першабытных абставінах, без сродкаў публічнага транспарту, доступу да кніжкі, паціхеньку растаюць, знікаючы з таго свету як апошні, веснавы снег. Менавіта ім пасвячаюцца штотыднёвыя сустрэчы з дуэтам „Зараніца”. У аўтэнтычнай аўры вясковай лавачкі ажываюць даўно ўжо забытыя, знямелыя песні. Мо запыліцца вуліца ад скокаў „лысага”, „падыспана”, а Божы свет пабачаць мясцовыя легенды, гісторыі. Першая сустрэча прайшла на Юр’я ў Азяранах-Вялікіх. Вестка пра візіт вядомай тут „Зараніцы” хутка абабегла вёску. Адны прыйшлі на кіёчках, хто на машыне з другога канца вёскі прыпёрся, некага трэба было і прынесці, бо паслухаць песень усім вельмі хацелася, а сілы ў нагах даўно прапалі. Ніхто не спалохаўся веснавога дажджу з бліскучымі маланкамі. Адзін з больш спраўных гаспадароў сарганізаваў адпаведную колькасць лавачак і крэсел. Жанчыны занялі сядзячыя месцы, у адрозненні ад мужчын, якія нясмела падпіралі процілеглыя падгнілыя платы. Вядома, у Юраўлянскую царкву на юр’еўскае свята нікому з азяранцаў папасці не ўдалося. Цётка Зіна ўспомніла як калісь пехатою хадзілі з Азяран аж у самыя Юраўляны. Бралі з сабой торбы поўныя накрашаных і сырых яек — у якасці ахвяры за жывёлу, якую пакідалі перад (...) |