Ніва № 20 (2922), 13 мая 2012 г.
Палессе — Падляшша — АмерыкаАляксандр ВЯРБІЦКІНедзе ў зімовы час быў заглянуў у нашу рэдакцыю спадар Збігнеў Насядка і шапнуў мне, што ў вёсцы Конты Ясяновецкай гміны пражываюць людзі, якія перасяліліся туды ад Жабінкі на Палессі. Паколькі больш дэталяў ён мне не сказаў, дык падумалася было мне, што тыя перасяленцы апынуліся там у выніку міграцыйных працэсаў пасля апошняй вайны. Вестка спачатку зацікавіла мяне. Пасля я глянуў на мапу і пабачыў, што тыя Конты з’яўляюцца даволі асаблівай вёскай, што яны рассеяны па хутарах без нейкага відавочнага цэнтра, напрыклад шчыльней заселенай вуліцы. А гэта магло прадвяшчаць крыху складанасцей з пошукам суразмоўцаў. Чакаў я тады цяплейшага часу, калі людзі выходзяць з хат пад адкрытае неба. Вёска Конты, а дакладней гаворачы, яе тэрыторыя, распаложана паміж Кнышынам і самой Ясяноўкай. Падаўся я туды з боку Кнышына, мінуўшы вёскі Яскра і Хаботкі. Неўзабаве па галоўнай шашы паявіліся невялікія сінія паказальнікі на лясныя дарожкі да паасобных контаўскіх хутароў. Але ці там магчыма будзе атрымаць патрэбную мне інфармацыю? Ну, але мапа паказвала, што найбольш такіх сяліб непадалёк дарогі, якая лукаватым выгібам адыходзіць і вяртаецца да тае шашы, што спалучае згаданыя раней цэнтры гмін. Слоў пару яшчэ пра гэтую дарогу. Яна ў тамашнім наваколлі называецца Каралеўскай, бо тудою праходзіў калісьці шлях з Мазовіі цераз Гародню ў Вільню. Напэўна падарожнічалі тою дарогай каралі Жыгімонт Аўгуст, які найахвотней (...) |